Што можа звязваць Мінск са знакамітым Дэндэрскім задыякам — тым самым старажытнаегіпецкім барэльефам са столі храма багіні Хатхор, які сёння з’яўляецца адным з самых вядомых экспанатаў Луўра?У ліпені 1812 года, калі Напалеон аднавіў Вялікае Княства Літоўскае, зусім яшчэ маладога, 22-гадовага аўдытара Дзяржсавета Францыі Себасцьена-Луі Сальнье (1790—1835) інтэндантам Мінскага дэпартамента. То бок, па сутнасці, галоўным французскім цывільным адміністратарам Міншчыны. На гэтай пасадзе ён узначальваў адміністрацыйную камісію, дзе засядалі нашы мясцовыя паны — Юзаф Валадковіч, Ксаверый Абуховіч і Адам Гюнтэр, і кіраваў краем аж да снежаньскай катастрофы Вялікай арміі.
Пасля ўцёкаў з заснежанай Беларусі Сальнье не згубіўся: пабыў паліцэйскім камісарам у Ліёне і прэфектам некалькіх дэпартаментаў падчас «Ста дзён». Але калі вярнуліся Бурбоны і дзяржаўная кар’ера часова забуксавала, былы мінскі інтэндант знайшоў сабе занятак па душы — вырашыў зарабіць на моднай тады егіптаманіі.
У 1820 годзе Сальнье на ўласныя грошы наняў інжынера Клода Леларэна, забяспечыў яго адмысловымі піламі ды домкратамі і адправіў у Егіпет з канкрэтным заданнем — спілаваць і вывезці ў Парыж круглы задыяк з храма багіні Хатхор у Дэндэры, які за дваццаць гадоў да гэтага замалявалі навукоўцы падчас егіпецкага паходу Напалеона.
Аперацыя па выманні помніка была чыстым варварствам паводле сучасных мерак: паколькі масіўная пліта з пясчаніку мела амаль метр у таўшчыню і пілы не праходзілі, Леларэн з дапамогай пораху падарваў частку перакрыцця, пашырыў дзіркі зубіламі і за тры тыдні выпілаваў барэльеф са столі храма, пасля чаго ў 1821 годзе даставіў яго ў Францыю (сёння ў самой Дэндэры на гэтым месцы вісіць гіпсавая копія).
У Парыжы вакол артэфакта выбухнуў шалёны ажыятаж і навуковыя баталіі: многія датавалі задыяк тысячагоддзямі да Раства Хрыстовага, што біла па біблейскай храналогіі стварэння свету, пакуль малады Жан-Франсуа Шампальён не прачытаў іерогліфы вакол задыяка і не астудзіў гарачыя галовы, датаваўшы яго грэка-рымскай эпохай (цяпер лічыцца, што гэта каля 50 г. да н.э.).
Сальнье ж не разгубіўся, выдаў у 1822 годзе кнігу пра перыпетыі гэтай экспедыцыі і прадаў барэльеф каралю Людовіку XVIII за астранамічныя па тых часах 150 000 франкаў — сума, абсалютна беспрэцэдэнтная для артэфакта некаталіцкага паходжання.
Пазней Сальнье заснаваў папулярны часопіс «Revue britannique», а пасля Ліпеньскай рэвалюцыі 1830 года трыумфальна вярнуўся на дзяржслужбу і ўвосень 1831-га нават паспеў пакіраваць усёй парыжскай паліцыяй.
Так што, калі будзеце ў Луўры зазіраць угору на славуты Дэндэрскі задыяк у зале 325 — ведайце, што яго ў Францыю прыцягнуў былы кіраўнік Мінскага дэпартамента.
Крыніца#Егіпет #асобы #Мінск #Луўр