«Віншую палякаў і полек, улады Польшчы з нагоды галоўнага дзяржаўнага свята. Дзякуй за вашу салідарнасць і вашу падтрымку нашай барацьбы за свабоду беларускага народа», — адзначыў намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, кіраўнік НАУ Павел Латушка з нагоды Дня Незалежнасці Польшчы.
Сёння, 11 лістапада, па запрашэнні Прэзідэнта Рэспублікі Польшча Караля Наўроцкага Павел Латушка прыняў удзел ва ўрачыстай змене ганаровай варты на плошчы маршалка Юзэфа Пілсудскага.
Увечары Павел Латушка прыме ўдзел ва ўрачыстым прыёме Прэзыдэнта Польшчы ў Прэзідэнцкім палацы ў Варшаве для кіраўніцтва Польшчы і дыпламатычнага корпусу з нагоды Дня Незалежнасці Польшчы.
«Для мяне вялікі гонар па запрашэнні Прэзідэнта Караля Наўроцкага браць удзел ад імя Аб’яднанага Пераходнага Кабінета ва ўрачыстасцях з нагоды Нацыянальнага свята Незалежнасці Польшчы.
Выказваючы найшчырэйшыя віншаванні польскаму народу і дзяржаве, прагну яшчэ раз падзякаваць за тую бясцэнную дапамогу, якую Польшча аказвае беларусам у наш найбольш драматычны час нашай гісторыі.
Прытулак, падтрымка і шчырая салідарнасць, якую сотні тысяч ахвяр лукашэнкаўскага тэрору знайшлі ў Польшчы за апошнія гады, навечна ўпісаныя залатымі літарамі ў супольную гісторыю нашых народаў. Гэтая выпрабаваная ў цяжкіх умовах сувязь стане трывалым падмуракам для будучага стратэгічнага партнёрства і саюзу між незалежнай Беларуссю і незалежнай Польшчай. Я цвёрда веру, што нашы краіны чакае вялікая супольная будучыня ў мірнай і бяспечнай Еўропе», — падкрэсліў Павел Латушка.